Двух беларусаў, якія ў складзе расейскага экіпажу пераганялі ва Ўганду верталёт Мі-26, затрымалі ў паўночнаафрыканскай краіне. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «База».
У затрыманых расейскіх і беларускіх пілётаў «забралі пашпарты». Паведамляецца, што пілёты ў Тунісе зьдзейсьнілі «заплянаваны прыпынак».
«У групе дзевяць чалавек: сем расейцаў і двое грамадзян Беларусі. Пяць зь іх — лётны экіпаж, яшчэ чацьвёра адказваюць за тэхнічнае абслугоўваньне верталёту. Усе працуюць па кантракце з ААН „Кіргіская авіякампанія“», — гаворыцца ў публікацыі.
Паводле слоў пілёту Сяргея Суслава, «па прыбыцьці ў Джэрбу людзей ня выпусьцілі з аэрапорту». Афіцыйных прычынаў затрыманьня, як ён сьцьвярджае, «ім да гэтага часу не прад’явілі».
Беларускі бок пра інцыдэнт не паведамляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» ў траўні запусьціць рэйсы ў Туніс