Некалькі старонак на сайце Рады Эўропы зноў прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», на што зьвярнуў увагу праваабарончы цэнтр «Вясна».
З запісу ў адпаведным пераліку на партале Міністэрства інфармацыі вынікае, што рашэньне прынята 19 сьнежня судом Партызанскага раёну Менску.
У сьпіс «экстэмісцкіх матэрыялаў» унесеныя старонкі сайту Рады Эўропы, зьвязаныя зь дзейнасьцю Канфэрэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO).
5 сьнежня суд Партызанскага раёну Менску ўжо прызнаваў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонку Канфэрэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO), разьмешчаную на сайце Рады Эўропы. Пры гэтым у рашэньні быў пазначаны адрас coe.int — гэта цалкам афіцыйны сайт Рады Эўропы.
10 сьнежня суд Партызанскага раёну беларускай сталіцы скасаваў гэтае рашэньне.
Рада Эўропы — найстарэйшая ў Эўропе міжнародная палітычная арганізацыя. Заснаваная 5 траўня 1949 году. Яе асноўная заяўленая мэта — пабудова адзінай Эўропы, грунтуецца на прынцыпах свабоды, дэмакратыі, абароны правоў чалавека і вяршэнства закону.
Пры Радзе Эўропы працуе Кантактная група ва ўзаемадзеі Рады Эўропы зь беларускімі дэмакратычнымі палітычнымі сіламі і грамадзкімі арганізацыямі.
Форум